Свой 100-гадовы юбілей адзначыла Франкова Вольга Сцяпанаўна
09.05.20249 мая 2024 года свой 100-гадовы юбілей адзначыла Франкова Вольга Сцяпанаўна! Павіншаваць з векавым юбілеем сабраліся дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна Муранкова А.В., старшыня Вусценскага сельскага выканаўчага камітэта Шыцікаў Ю.А, дырэктар РВУП "Вусце" НАН Беларусі Бацюкоў Д.А. і прадстаўнікі ДУК "Вусценскi дом культуры". Сваіх гасцей юбіляр сустрэла ў бадзёрым настроі. Нягледзячы на тое, што жанчына пераступіла векавую мяжу, яна імкнецца не губляць аптымізму і жыццялюбства. Усе госці адрасавалі доўгажыхарцы шчырыя віншаванні і пажаданні, а таксама ўручылі памятныя падарункі. У яе адрас было выказана шмат віншаванняў і цёплых слоў падзякі за шматгадовую працу ў сельскай гаспадарцы. Ад народнага ансамбля "Гагарынскія музыкі" Вусценскага сельскага дома культуры прагучалі шчырыя песні. Прадоўжыўся візіт успамінамі Вольгі Сцяпанаўны аб пражытых гадах, аднаўленні сельскай гаспадаркі ў пасляваенныя гады і многім-многім іншым. За шматгадовую працу Вольга Сцяпанаўна Франкова ўзнагароджана Ганаровай граматай Аршанскага раённага Савета дэпутатаў, яе акружае вялікая сям'я: яна выхавала 6-х дзяцей, мае 12 унукаў, 14 праўнукаў і 4 прапраўнукі.