Сёння ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна сустракалі прадстаўнікоў паліўна-энергетычнай сферы краіны і вобласці

15.01.2025

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі для пажылых грамадзян "Ад усёй душы" дзяржустанову наведалі намеснік Міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Сяргей Рэентовіч, генеральны дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскэнерга" Сяргей Шыдлоўскі, генеральны дырэктар вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебскаблгаз" Аляксандр Бранцэвіч і кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй Аршанскага раённага выканаўчага камітэта Ігарам Марозам.

У фае ўстановы была арганізавана сустрэча гасцей як спецыялістамі тэрытарыяльнага цэнтра, так і актыўнымі пажылымі грамадзянамі раёна. Усе прысутныя змаглі палюбавацца вальсам у выкананні лепшых танцораў шаноўнага ўзросту і выставай творчых работ умельцаў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ў аг. Бабінічы. Затым за круглым сталом у цёплай атмасферы самыя заслужаныя людзі старэйшага пакалення Аршаншчыны расказалі пра сябе і парадавалі гасцей сваімі творчымі дасягненнямі: песнямі, танцамі, вершамі.

А вучні Школы Мiру - сярэдняй школы №8, падрыхтавалі яркую творчую праграму для грамадзян шаноўнага ўзросту і гасцей мерапрыемства.

Сярод ганаровых гасцей сустрэчы былі ветэран Вялікай Айчыннай вайны, удзельніца партызанскага руху, якая ў 12 гадоў стала сувязной у атрадзе ім. К.Я. Варашылава першай партызанскай брыгады ім. К.С. Заслонава Анастасія Конанава і ветэран баявых дзеянняў у Афганістане, ветэран працы Валянціна Мачкова. Усе прысутныя на такім душэўным мерапрыемстве выказалі словы падзякі ўсім, хто клапоціцца аб ветэранах, знаходзіць час на зносіны з людзьмі сталага ўзросту!

І ў завяршэнне сустрэчы запрошаныя госці ўручылі тэрытарыяльнаму цэнтру патрэбныя падарункі: грашовыя сертыфікаты, аргтэхніку і бытавыя прыналежнасці для хатняй утульнасці.

Падпішыцеся на нашы навіны