Марафон Перамогі крочыць па Аршанскім раёне!

18.03.2025

17 сакавіка сваё 98-годдзе адзначыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Грэзгуноў Яфім Емяльянавіч! Яфім Емяльянавіч нарадзіўся ў вёсцы Макараўка Горацкага раёна і ў няпоўныя 18 гадоў трапіў на 1-ы Беларускі фронт, дзе быў кулямётчыкам.

Яму давялося вызваляць г. Ковель у Заходняй Украіне, потым была Польшча, дайшоў да Берліна. 9 мая 1945 года наш герой сустракаў у шпіталі, так як танк, на якім знаходзіўся Яфім Емяльянавіч, падбілі, і ён загарэўся. За баявыя дзеянні ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені.

У 1949 годзе Яфім Емяльянавіч стварыў сям'ю і ўладкаваўся працаваць на Аршанскі льнокамбінат спачатку кіроўцам, потым брыгадзірам, і ў выніку – майстрам. Яго працоўны стаж склаў 45 гадоў. З гэтай выдатнай падзеяй ветэрана павіншаваў намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аршанскага льнокамбіната Сяргей Сідзін, старшыня аршанскай раённага Савета ветэранаў Зінаіда Сяргееўна Хайчанка, загадчыца аддзялення першаснага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання ТЦСАН Аршанскага раёна Наталля Камароўская, уручыўшы ветэрану кветкі і памятныя падарункі.

Яфім Емяльянавіч з'яўляецца пастаянным атрымальнікам разавых сацыяльна-бытавых паслуг у ТЦСАН, актыўна наведвае ўсе мерапрыемствы. Імянінніку выказалі вялікую падзяку за жыццёвы і працоўны шлях, за подзвіг і вялікі ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы.

Падпішыцеся на нашы навіны